"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
"Разьвітаньне.
Я цябе кахаю.
Я скучаю.
Сэрца, нібы птахам.
Страшна.
Нешта вокны засьцілае.
Думы ўпарта грукацяць па даху."
(З уласнага)

- Собирайся.
- Я зьбяраюся.
- Собирайся.
- Я ўжо.
- Ну выходи тогда.
- Пачакай.
- Ты опоздаешь на поезд.
- Ну й што?
- Тебе придётся всю ночь торчать на вокзале.
- Ня ўсю ноч. Толькі да чацьвертай раніцы.
- Ну и что? Я не хочу.
- Я ведаю. Я кахаю цябе.
- Я тебя тоже. Пока.
- Да пабачэньня... Я спадзяюся, нашая наступная сустрэча будзе хутка.

Крок за парог - балючы, якбы хто нажом у сэрца пырнуў. Долу - да першага паверху. Халоднае начное віцебскае паветра ўтыкаецца мноствам гострых голачак у твар. Пусты погляд, што чапляецца за кожную крышыначку навакольля. Начны аўтобус. Чыгуначны вакзал. Цягнік, вагон 14-ы-пляцкартны, бакавушка. 296 кілямэтраў ўздоўж рэек... 296 балючых кілямэтраў... Халодны Менск... Безь пяці чатыры раніцы... Шпацыр па начным горадзе... Першая "сотка" да аўтавакзалу, "нулёўка" 61-га тралейбусу, першы 62-і... Хата - зь яе адчуваньнем нацятае ветлівасьці, запыленымі паліцамі, хатнімі... Хата?.. Ці не падманваюся я?.. Ці ня там, за 296 кілямэтраў адсюль, тое месца, якое хочацца так клікаць?.. Хаця... Не. Хата - там, дзе ты. Там, дзе чакаюць...
Чорт, як шалёна ты маеш рацыю, кажучы, што вялізарным шчасьцем было-б прачынацца ды пасынаць разам... Але-ж мы, халера яго дзяры, закладнікі абставінаў... І тэрмін нашым спатканьням даўна вызначаны - рэжымам працы бацькоў і раскладам руху транспарту...
Зрэшты, ты і так ўсё-ўсё ведаеш... І не таму, што я гэта казаў мільён разоў... Ведаеш, бо мы разумеем адно аднога бяз словаў...
Я кахаю цябе!..
Словы, якімі перарэзаў аднойчы цішыню цёплай віцебскай ночы... Словы, якія тады будучы выпадковымі, сталіся сёньня надзённымі, неабходнымі, накшталт паветра. Я не магу безь цябе жыць... Не магу, не хачу, ня буду. Таму кожнае імгненьне жыцьця канвэртуецца ў сантымэтры і скарачаецца. Паступова, зь цяжкасьцямі, але скарачаецца. Яшчэ едучы ў панядзелак да цябе, падумалася, што даўняе сцьвярджэньне аб тым, што дарога - гэта жыцьцё, шалёна мае рацыю. Дарога ад мяне да цябе - непераадольная, але разам з тым бязьмежна лёгкая, калі за яе ўзяцца. "Ўсё што наблізіць - і ёсьць дарогай."
А ты пытаесься, ці я звар’яцеў. Адказ станоўчы, прычына таму ведамая табе надта добра, каб я нешта тлумачыў. Я памятаю кожнае тваё слоўца, кожны твой дотык. "Я вывучыў цябе як летні верш." І няма ў сьвеце нічога, што магло-б прымусіць мяне забыць цябе. Таму што ты - і ёсьць маё жыцьцё, мой сусьвет. І я з табою непарыўна зьнітаваны.
Я раней шмат разважаў і па-рознаму лічыў, але цяпер маё ранейшае меркаваньне пра каханьне значна дапоўнілася. І неяк неўспадзеўкі, мімаволі, ці як. Каханьне - гэта мастацтва ахвярнасьці. Кахаючы - ахвяруеш усім: часам, грашыма, сябрамі, жыцьцём. Кахаючы - робіш усё дзеля зрабіць дарагога табе чалавека найшчасьлівейшым у сьвеце. І разам з тым, кахаючы - падзяляеш усе ягоныя радасьці й нягоды. Кахаючы - ужо ёсьць найшчасьлівейшым.
Часта даводзіцца чуць: "Я кахаю цяго за...", "За што ты кахаеш мяне?" і шмат чаго яшчэ. Калі сапраўды кахаеш - не шукаеш сабе выгоды ў гэтым пачуцьці. І прычынаў яму не шукаеш. Таму што самае каханьне ёсьць прычынаю, а ўсё астатняе - яго вынікам.
Гэтае жыцьцё... Яно рэчаісна зводзе з ґлузду. Канчаткова. Што рабіць, я ўжо ня тое што не здагадваюся... Не спрабую нават за марнасьцю... Проста жыву і проста веру... Бо ты ўсё адно побач, нават калі за 296 кілямэтраў. І я побач. Заўсёды...
Я кахаю цябе...