"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
Штосьвет
штораз
штокрок
шточас
штодзённасьць
штучную
штурхаў
штомоц
што ёсьць
чаго няма
ня можа быць
да небыцьця
ўсезабыцьця
як адкрыцьця
і пазбыцьця
жыцьця.

Чыйго?

Твайго
майго
яго -
сусьвету
марнае
майно
малюе
мылам
мараў
май
і мае
марнасьці
адчай -
шукай
гукай
лякай
зрывай
не забывай
не аддавай
ўжо блізка край
і сустракай
як арт
піж парт
ня той мо гарт
чаго ён варт
і ці упарт
i'm now apart
але ня тут
і самагонны апарат
маіх пакут
адзіны
сьведка
сьвішча
сьціпласьць
сьледчы
сьведчыць -
сьмерць.

Адна?

За трыццаць шэсьць
рыпеньне думак
у сьцяну
сьцягну
сьвежанабыты
сьцяг
атрута у маіх касьцях
віруе
чыста як віно
яно адно
ужо даўно
адзіны цар
і гаспадар
і хай-бы быў я і мысьляр
і розум меў
і слова дар -
я дурнем быў
я ёсьць дурны
і ўжо да самае труны
я буду так
бо я ня вы
і ўжо даўно ня вы-
яздны-
я
ні вы
ні я
ніхто
чаго
сусьвету
марнае
майно -
казаў ужо
ня тут
ня то
ня ўсім -
але ужо зусім
перадусім
я тебе з’їм
а мене ти
сярод нязноснай пустаты
ня зьеж -
бо ўжо не праглынеш
чаго нальеш
прап’еш
пасьнеш
і не жывеш -
памрэш.

Сьледчы
сьведчыць
сьмерць.