"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
Хацелася зазначыць
пра ўчорашняе пасьлякасяковае,
сёньняшняе Бу-Ба-Бу-чытальнае,
а заміж таго напісалася.
пра ўчорашняе пасьлякасяковае,
сёньняшняе Бу-Ба-Бу-чытальнае,
а заміж таго напісалася.
Як заўсёды перад сном
апаноўвае натхненьне,
зноў прыляжаш і нагбом
дазваньня тае трымценьне
чысьціні і дабрыні
ты прыймаеш, нібы сьненьне,
нібы сьветлыя ўсе дні
і вар’яцкае імкненьне
к папяровае сьцяне...
Церазь церне цень цярусіў —
крыж накрэсьлены на мне,
нібы я чагось шчэ мусіў,
а ня здолеў ані-ні,
і ня здолею ўжо болей.
Зьзяюць зьнічачак вагні,
адбіваюць ў сэрца болем.
Крыжаваная імжа,
кроў цячэ зь цьвіковых ранаў,
кроў цячэ з твайго крыжа,
кроў цячэ — а ўсё зарана,
кроў цячэ — чырвоны шал
на паверхні Пана Сонца.
На шпацыр — нібы Шагал,
ды глыбока у бясконцасьць
цераз вулачкі свае
(не?)сьвядомасьці трухлявай,
што жыцьцё бярэ ў мане
нейкай сьцішанай ды млявай
нібы чорны чуткі цень,
чуткі чэмныя чурацца
пачыналі абы-дзе
і працягваюць лякацца
чорна-белае брыды
папяровае вязьніцы.
Ледзьве чутнае "Ідзі!",
пах гарбаты і карыцы,
неабсяжныя яны —
зоркі ў небе верасьнёвым,
брамаў краты і званы,
подых Вечнасьці жытнёвы.
Абвяшчальнік загудзе:
"Тут Свабода-Канцавая!
Кантралёраў не міне
аніхто цяпер!.." — і тае
у паветры, нібы столь
пад уціскам выбуховым,
ні "Даруй!" і ні "Дазволь!",
і ні "Будзе сьвет звышновы!" —
ўстрасанецца неба неф,
сыпануць салютам зоры,
хтось з пагардай скажа: "В хлев!",
а у роздумах разоры
рэжуць рэўнасна вякі,
на павеках стыне глеба.
Час ўжо сёньня не такі!
І паветра ўжо ня трэба!
Поўны вакуум жыцьця
у вязьніцы папяровай,
пасярод пакою — я,
нецьвярозы й нездаровы.