Жыцьцё — як шэраг збаўніцкіх падзей
на раздарожжы думаў і надзеяў,
ды толькі ён нікуды не вядзе,
і каля пусткі сэрца ўсё гавее
ў чаканьні хоць чагосьці хоць адкуль,
ў паперы — у адзінаму прытулку.
Выслоўі — нібы чэргі чорных куль,
і кожны дзень ўсё болей, болей мулкі.
Мой небагаты стол, што у душы,
няшмат нясе ў жыцьцё тае навонкі:
мо шклянкі дзьве, і што… Ў душы — нажы,
ў душы гніе дух чалавечы гонкі.
І я ў душы сьпіваюся няўзнак,
я нават можа сам не зауважу,
калі ўжо не душу — пусты мядзяк
насіць з сабою буду дням у пашчу.
І ў чым, здаецца, тоіцца бядзе?
Што наагул магло пайсьці нядобра?
Ды што тады, што зараз — абы-дзе,
хіба мо не такі ўжо і харобры,
як год ці два таму, дый як тады
нуль сэнсу у штодзённых маіх справах,
я ўсе свае вар’яцкія гады
кладу абы-куды й ані ня маю
ані з тых год, пражытых задарма,
ані з тых дзей, учыненых зьнянацку,
і кожны новы дзень — мая турма,
я ў той турме — жыцьця свайго ёсьць цацкай.
А Ты, што збоку, ды па-над усім,
з усьмешкаю кладзесься спаць штоночы,
Табе й ня ведаць, што мне дні як дым,
што тыя дні мне выелі ўсе вочы.
І я сьляпы, Цябе сьляпым люблю.
І я дурны, Цябе дурным кахаю.
Табе найперш жыцьцё я аддаю,
а болей я нічога і ня маю.
Бо што тае жыцьцё? Які ў ім сэнс?
Няма яго, а паміраць — так проста
аж занадта, і прасьцей яшчэ с-с-с-
сабача вера, ў гэтых часу кроснах
згубіць сябе і загубіць Цябе,
панішчыць тое, што было між намі,
а ўсё вакол пакінуць у журбе,
і тое потым струшчыць пярунамі.
Я разумею ў прынцыпе няшмат,
бо я не на багата й прэтэндую,
я просты вельмі — нібы аўтамат,
я навакольны сьвет гляджу праз рулю,
якую сьвет наставіў на мяне,
бо я ня мкнуся разумець нічога,
бо я штодня — нібыта у вагне,
і па-над мною ўжо бракуе Бога.
Ды што я не імкнуся зразумець,
тае магчыма мне ня так цікава,
я пра адно жадаю веды мець:
які мой сэнс? Куды вядзе напрамак
жыцьця майго? Каму яго аддаць
па тры рублі за кіляграм падзеяў?
Куды яго нарэшце закапаць?
І — самае галоўнае — дык дзе я?!..
Відаць, адказ ранейшы. Я — нідзе.
І ува мне агмень не палымнее.
Жыцьцё — як шэраг збаўніцкіх падзей
на раздарожжы думаў і надзеяў.