Гэты верш быццам з вогнішча вынес,
аж палае той чырваньню ён -
новашчыры на сэрцы мне выраз,
думак-словаў адзін паштальён.

Зноўку дні перакрэсьлены воляй,
і кладзецца да рэйкі яшчэ,
нараджаючы краты паволі -
это место лишь мысли ничьей.

Ні маёй, ні тваёй, ні ягонай,
ні сусьветнай... Ды йдзе і ідзе
кожнадзённа жыцьцё па адхоне,
каб спытацца напрыканцы: "Дзе?"

А нідзе. І ня можна іначай,
бо спачатку яно не было,
а цяперай - гаротна-бяднячы
сьцяг-штандар над сабой узьняло.

Рэйкі-думкі на рэйку-асадку,
ценем б’юць на паперу-сьцяну,
ўсё як сьлед, але штось не ў парадку -
ўсё я краты да раніцы сьню.

Прачынаюся - бачу... Ня бачу!
Анічога ня бачу - памер.
Ты ня злуй. Я усё-ўсё прабачу,
толькі слушна мне волі адмер.

Гэтай волі - гаюча-пякучай,
што закрэсьліла гэта жыцьцё -
быццам бруд нехта выцер анучай.
Мне з дамоўкі - ня зьбегчы. Усё.