***
Хачу штосьці нязвыклае адчуць,
хачу, каб сьнег запах, як глог у траўні,
хачу ўсе зоры у далонь згарнуць,
ў пакой насыпаць, зачыніўшы стаўні.
Я навучусь цярпець фізічны боль
і буду піць сьвінец замест гарбаты.
Ты толькі зразумець сябе дазволь,
здымі з сябе кальчугу, шлем і латы.
Я—пах сандалу, моцны едкі пах,
я нават з даху скокнуць не баюся.
Твой водар дзіўны на маіх руках...
Пакуль ня зьвяне глог... Я застаюся...
____________________
Крылы
Ты хочаш, каб крылы былі за плячыма,
біў дождж уначы па страсе.
а ведаеш, ўсё ў гэтым сьвеце магчыма,
як срэбра знайсьці ў расе.
Ты хочаш, каб сонца кідала праменьне
у вечнасьць, дзе так варта жыць,
а вечнасьць ёсьць пацеркі
сьветлых імгненьняў,
якія б хацеў паўтарыць.
____________________
***
Адзін гатовы дзеля праўды паміраць,
а іншы - празь няпраўду на прастол,
і перад ім зіхоча пышны стол,
а беднаму народу - жабраваць.
Адзін кахае што аж сэрца рве,
другі не пакахае да труны.
Адзін крыві баіцца і вайны,
другі памерці прагне на вайне.
Але гармонія трымае гэты сьвет,
ў ім нельга проста нешта зьнішчыць, сьцерці,
тут кожны погляд - гэта адкрыцьцё,
і кожны чалавек пакіне сьлед
ў спаборніцтве дабра і сьмерці,
ў вайне, што называецца жыцьцё.
____________________