Надзея Кропачка
"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
Дзякуй, пані Гарыцкая!

У цемры глыбокай ранковай гарбаты
ля самых прадоньняў цяпліцца душа —
мы зь ёю ў шляхі вырушаем зацята
па лёзах жыцьця, як старога нажа.

Мы гострым ізноў тыя лёзы штодзённа,
каб рэзалі ногі яны да крыві,
і ў тую гарбату мы спраўна і плённа
жыцьця дакладаем свайго карані.

Мы верым і пішам, і праўды шукаем
ў шырокіх абсягах сівое зямлі,
мы ўпарта паўжыцьці чагосьці чакаем,
а потым і кідаем тут, пры ральлі.

Мы пэўныя — нешта ў жыцьці гэтым маем:
то грошы, машыны, кватэры, дамы;
а ў дзённым віры ўжо і не заўважаем,
што тою гарбатаю сталіся мы.

5/ІІІ ’10 р.