Надзея Кропачка
"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
Так у тлумным і шэрым Менску
дзень па дні пралятае марна,
кожны крок мой тут перапэцкаў
брук — і плошчавы, і бульварны.

Толькі вецер самотна сьвішча
над сумётамі пад Бягомлем,
а у сэрцы гарыць вагнішча
і яно адбівае болем.

І пад коламі кілямэтры
усё так-жа лятуць зацята,
і даўно ўжо ня тыя мэты,
час — нібыта у вухах вата.

І адвечны той рух жыцьцёвы
прыпыняецца паціхутку,
дзень наступны ня стане новы,
ўсё што будзе — ня будзе хутка.

Вір падзей як сьцяной між намі
пакрыёма расьце штодзённа,
нават думаецца часамі,
ці надалей што будзе плённа.

Мо й ня будзе, ды будзем верыць,
самагубства сталіць маўкліва,
грукаціць у глухія дзьверы
да прыпынку з назовай «Вырай»…