Надзея Кропачка
"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
Штодня гуляю ў рэчаіснасьць,
у марнасьць існасьці сваёй,
у чорны дзень і мар нязбытнасьць,
у час, загорнуты нудой.

Мая гульня даўгая надта —
бадай аж з самае жыцьцё,
і ці слабы, ці можа ўпарты —
гульцом быць змушаны у ёй.

Але — ці я ў яе гуляю,
ці мной кіруе ўсё-ж яна?
Навошта? — зь цемрадзі пытаю,
але адказу мне няма.

Няма, і быць яго ня можа,
ня можна ісьціны спазнаць,
калі твой цень твой розум гложа
і хоча дазваньня здалаць.

Калі ты раб сваёй пакуты —
ня годны спазнаваць адказ,
калі ты марнасьцю закуты —
то ў першы і ў апошні раз.

Ды што зьмяніць, як гэта вызнаць,
як ўсё адно між словаў-куль?
Штодня гуляю ў рэчаіснасьць,
штодня жыву яшчэ пакуль.