Надзея Кропачка
"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
«…Це досить прикольно — ховати себе від холоду…»
Таня-Мария Литвинюк

Міколу К., Вользе П. і іншым…

Штодня мы працягваем даўна ужо распачатае,
і сродкі балюча зрабіць ўжо вядомыя пэўнасна.
Прышпільна, напэўна — вайна за усё параздатае,
вайна за тае, што ня сталася, зьгінула верасам.

Мы словы зьбярэм толькі тыя, што будуць калючымі,
каб сэрца ўтварыць нібы мехам ушчэнт расьцярушаным,
каб з рэштак так роднай крыві нацякала калюжына.
Прышпільна, напэўна — каб толькі ня была так вусьцішна.

Мы ў трапныя ўзоры выслоўямі душанькі выцінем,
мы выцісьнем з нутраў парэшткі ўсяго чалавечага,
сваё сэрцасьмецьце нябожае — к чорту і выкінем.
Прышпільна, напэўна — гуляцца із лёсам скамечаным.

Скрывавіць, забіць, каб і плямы пасьля не засталася
ад недастасункаў, ад недакаханьня няшчаснага,
ад недасьвітанку, хоць сонца ужо і займалася
Прышпільна, напэўна — быць катам жыцьця уласнага.

І напрыканцы — нібы нейкім «кантрольным» молатам
мы ўдарым па самых сябе… Але штось застанецца…
Прышпільна, напэўна — сябе выганяць да холаду
ў сапраўдным жабрацтве, ў самоце… Але — ня каяцца…