Надзея Кропачка
"А ў мяне і жыцьцё - дадатковае!" (З уласнага)
Сустракаю новы сьвітанак на падваконьні
з кубкам ранішняй рамонкавай гарбаты.
Настрой нейкі надта нацяты,
гаркота да самых прадоньняў.

Сонца уздымаецца — нібыта чужое,
папера як мая натуральная абалонка —
агортвае кожную клетачку цела гонка,
бо навакольле цалкам не тое.

Вецер пяе гімн новага дню,
а мне здаецца марш пахавальны,
здаецца, што сьвет непрымальны
нарэсьце аддасца вагню.

Зачыняю вочы — бачу кароткі сон
пра чароўны ліхтар у небе,
пра зоркі у сьвежым хлебе
і пра свой адвечны праклён.

З кубкам ранішняй рамонкавай гарбаты
сустракаю новы сьвітанак на падваконьні.